Поиск
Горячая линия контакт-центра Probono.by

"Гэтыя падзеі надалі нейкай фатальнасці і рашучасці"

Помечен красной меткой били особенно жестко

Сяргей Герасімовіч — журналіст. У жніўні 2020-га ён выйшаў на вуліцу з-за прафесійных абавязкаў, але і каб быць побач з аднадумцамі. Белая бранзалетка на руцэ стала для сілавікоў прыкметай ворага. За некалькі гадзін аднаго дня яго збівалі пяць разоў. А пасля Акрэсціна Сяргей не адзін месяц прачынаўся, толькі пракусіўшы сабе язык. І ў сне ён не мог чуць лязгату тых металічных варот, прадвесніка катаванняў.

Сяргей Герасімовіч,журналіст
Возраст: 37 гадоў
Город: Мінск
Когда: 10.08.2020

затрымалі, калі на вуліцы яшчэ было спакойна, і адразу пачалі збіваць

Где держали: ЦІП на Акрэсціна — трое сутак
Заключение врача: --
Последствия: гематомы, праблемы з ныркамі, ПТСР

Автор: Команда проекта Август2020

Фото: Команда проекта Август2020; личный архив

— Першы раз мяне ўзялі 9 жніўня, пасля выбараў. Шэрагі касманаўтаў стаялі ля моста праз Нямігу. Іх да халеры, а я адзін. Я выйшаў, кажу: "Хлопцы, кідай шчыты, ідзі дамоў — усё, выбары скончыліся, нашы перамаглі". Думаю: "Тры шэрагі стаяць, як жа яны меня схопяць". А яны расступаюцца, і два касманаўты ў чорным выбягаюць. Ой! Раблю тры "гераічныя" крокі і атрымоўваю падсечку. І раз удар, два удар па нырках. А мяне нешта пераклініла: "Руки вниз, я майор КГБ, я здесь работаю, я провокатор…" А я ўвесь у чорным. Пачаў крычаць: "Офицера сюда!" Адзін афіцэр падышоў, другі: "У вас две минуты, чтоб никого здесь больше не видел". Я з "гордым" відам пайшоў, а пасля "горда" пабег. Я тады атрымаў два яркіх прафесійных удары па нырках. Гэта, магчыма, мяне выратавала пасля, што не ляжаў доўга на зямлі, дзе збівалі да паўсмерці.


10 жніўня мы ішлі з калегамі-журналістамі каля гасцініцы "Юбілейная". Усё было перакрыта хлопцамі са шчытамі, было спакойна абсалютна. Пачалі сігналіць машыны, я падняў руку. І мяне паклікаў міліцыянт: "Ты — иди сюда". У меня была найкаўская белая бранзалетка на руцэ. Я падыйшоў, не чакаючы ўвогуле нейкіх наступстваў, — мяне схапілі, закінулі ў аўтазак. І адразу пачалі біць. Я там быў адзін.


Білі-білі-білі, пасля каля гасцініцы закінулі ў сіненькі мікрааўтобус з ціхарамі. Білі менавіта АМАПаўцы. Клалі на падлогу і білі. Дубінкамі і нагамі. Галаву толькі прыкрываў. Але па галаве не білі, уласна мяне. Давезлі да гандлёвага дома "На Нямізе", перакінулі ў аўтазак — зноў пабілі.  І ўдваіх засунулі ў так званы “стакан”. Калі напхалі поўны аўтазак, павезлі на Акрэсціна.
Хто сядзеў са мной у камеры — ва ўсіх быў адзін бус і ўсіх білі адзін раз, груба кажучы. Другі раз — гэта калі на Акрэсціна праводзілі праз калідор, дзе кожны лічыў сваім абавязкам цябе стукнуць. Атрымалася, што мяне тры разы білі.

Фельдшара асабліва прыкалывала, што голыя прысядалі, а гэтыя давалі падсрачнікі

Калі трапіў на Акрэсціна, сказаў, што я журналіст. Пасведчанне, пакуль мяне кідалі з бусіка ў бусік, выпала, пасля я яго знайшоў сярод уласных рэчаў. На Акрэсціна нас сустрэў "калідор славы", дзе яны стаялі чалавек по сем-восем. Моцна білі, напэўна, чацвёра. Пасля паставілі ўсіх на расцяжку, "ластаўкай".
 

Калі трапіў на Акрэсціна, сказаў, што я журналіст. Пасведчанне, пакуль мяне кідалі з бусіка ў бусік, выпала, пасля я яго знайшоў сярод уласных рэчаў. На Акрэсціна нас сустрэў "калідор славы", дзе яны стаялі чалавек по сем-восем. Моцна білі, напэўна, чацвёра. Пасля паставілі ўсіх на расцяжку, "ластаўкай".


Мяне паставілі з нейкімі мігрантамі ў паўпадвале. На каленях, рукі за спіной. І, па-мойму, прапаршчык нейкі натацыі чытаў: нашто мы туды ходзім, краіну разваліць хочам… Пасля ён сказаў: "Ладно, этого в седьмую камеру". Тых людзей узялі яшчэ да таго, як нешта пачалося.

Сукамернікі ў мяне ўвогуле класныя былі. Сядзелі бацькі, якія каля РУУС чакалі сваіх дзяцей-раварыстаў. У тым ліку і вядомы дзіцячы рэаніматолаг. Мужчына сядзеў і ягоная жонка ў суседняй камеры. Ён таксама не ведаў, што з ёй адбываецца, і вельмі хваляваўся. Уся сем’я сядзела: і дзеці, і муж, і жонка. Былі студэнты, вясёлыя хлопцы. Да, выпадкова, кажа, праўда, сцяг пранёс пад майкай. А пасля да нас яшчэ дакінулі Улада Сакалоўскага, дыджэя перамен. Ён радасна: "Людзі, жывыя людзі" — ён пяць дзён адсядзеў у карцары. Хлопчык 16-гадовы быў, хаця мы казалі, што непаўналетні. Яго не мелі права саджаць з намі. Гадзін дванаццаць, можа, суткі гэтыя матэматыкі не маглі падлічыць.
 

Трох барменаў узялі, вясёлыя хлопцы. Яны каля вакзала падышлі да міліцыянтаў спытацца, ці можна там прайці — "Можна, можна". Толькі прайшлі — іх зацягнулі ў аўтазак. У аднаго былі ногі перабітыя, раздуліся так. Сябры цягалі яго на плячах, таму што хадзіць ён не мог. Прасілі выклікаць доктара. Прыйшла жанчына: "Ну што, выбирайте: или врача позову, или открою кормушку, и вы дышать сможете". Гэты кажа: "Не-не, лепш давайце мы дыхаць будзем". Я пасля з гэтымі хлопцамі размаўляў. Ім далі суткі, павезлі ў Слуцк, у ЛТП. Там ужо былі зусім іншыя адносіны.

"Ну што, выбирайте, или врача позову, или открою кормушку, и вы дышать сможете"

Многа было выпадковых людзей, асабліва пасля 12-га чысла. Адзін з жонкай стаяў, пачаў яе засланяць, яго за гэта схапілі. Хваляваўся, каб дадому дабегла. Былі два браты, старэйшы за малодшага перажываў. Трапіліся выпадкова два калегі па службе. Чалавек ішоў па гарэлку ў дзень народзінаў. Ён пабачыў, як людзей білі, і яго заграбасталі. У яго ўся спіна была сіняя. Проста сіняя.
 

Часам смешныя моманты былі, якія памагалі нам выжыць. Калі ён стаяў на расцяжцы на каленях уздоўж плота, падлічыў, што ў яго з кішэні выпаў рубль, трыццаць чатыры капейкі: "О, с…, они соберут, а это ж бутылка піва". Мы ляжым тут, нічога не жралі, ва ўсіх усё баліць, а ён перажывае за гэтыя 1,34 рублі, што менты забяруць і за гэтыя грошы сабе піва купяць.


Размаўлялі аб жыцці. Пра палітыку, напэўна, і не гаварыў ніхто. Мы проста думалі, што ўжо ўсё скончылася. Нам здавалася: ужо адпусціце нас, і ўсё, пойдзем дадому. І калі выйшлі і зразумелі, што тут было…


Я там тры дні прабыў. Нас тры дні не кармілі, але пашанцавала, што ў камеры была вада і прыбіральня. У параўнанні, ў сяброў маіх такога не было. На трэці дзень толькі заглянула да нас гуманная канваірша: "Ой, мальчики, а у вас хоть туалетная бумага есть?" І дала нам невялічкі маток.


Адзін раз нам кінулі хлеба — буханкі цвёрдыя, заплесневелыя. Ну, мы паелі яго з вадой больш-менш. Адзіны, каго кармілі, быў Улад Сакалоўскі, ён быў ужо асуджаны. Жанчына, каторая прывозіла ежу, адкрывае кармушку: "Ой, мальчики, а сколько ж вас здесь?!" 21. "А мне только одного кормить". І яна наклала міску пшонкі з гарой, каб толькі гэта магло пралезці ў кармушку, затыкала ўсё салёнымі агуркамі, і зверху катлету, адну. Боршч — поўны, як можна было. Улад адмовіўся. Раздзялілі ягоную порцыю, усе трошкі паелі. Гэта другія суткі былі.


Спалі па чарзе. Імкнешся не шавяліцца, каб была магчымасць некаму адпачыць. Уявіце, 21 чалавек на 6 шконак. За трое сутак мы камеру вымералі поўнасцю — 20 кв. метраў. І параша на гэтай плошчы яшчэ 1,5 кв. метра займае. І ўмывальнік. Мы абураліся, што нас шмат ў камеры. Яны сказалі: "Вас много?" І закінулі яшчэ чалавек 20. Там цяжка падлічыць, ты ж усіх нават не бачыш. На нарах сядзелі, ужо ляжаць было немагчыма нікому. У нас яшчэ так атрымалася, напэўна, вецер, — вакно трохi зачынiлася. Калі было напачатку 10 см, то стала 3–5 у апошні час. І гэта была ўвогуле неверагодная спёка, духата.

Штоноч прывозілі людзей. Гэты вой у вушах стаяў пастаянна 

Днём было дастаткова ціха. А штоноч прывозілі людзей. Кожную ноч пачыналася. Мы ўжо чакалі. Грукат брамаў. Дзявочыя крыкі, мужчынскія. Усіх білі-білі-білі. І гэта было напрацягу ўсёй ночы. Гэты вой у вушах стаяў пастаянна.
 


Нас таксама выводзілі ў калідор і білі, але не тое каб моцна. Мы сядзелі ў сваёй камеры і думалі: "Госпадзі, каб пра нашую камеру толькі забыліся". Калі дзверы адчыняліся, усе чакалі, чыё прозвішча назавуць, і куды яго вядуць, ніхто ж не ведае.


У адну ноч прыйшлі ў штацкім с камерамі, на відэа запісвалі ўсе дадзеныя. Праз кармушку зачыненую — там шчыліна была — бачылі, вывелі жанчыну. Самы яркі момант, напэўна. Стаяў АМАПавец: "Б…, ты, с…, знаешь, что такое фашизм? Ты нах… вышла (ён больш груба сказаў) с плакатом "Нет фашизму"?" Без матюкоў там увогуле не размаўлялі.  Яна кажа: "У меня отец воевал". Значыць, ужо пажылая жанчына. Пасля мы высветлілі, што ёй 68 год. Кажа: "То, что вы делаете, — это фашизм". — "Это не фашизм, это садизм". З гэтамі словамі ён яе паваліў, пачаў збіваць нагамі, дубінкай. Другі здымаў гэта ўсё. І запхалі яе ў камеру, дзе жанчыны сядзелі. Яна толькі: "Я объявляю голодовку". А мы ўжо трэція суткі не елі.


Калі паставілі хлопца нейкага, галавой у нашы дзверы, напэўна, грукаўся, яго білі, гэты крычаў: "Я тебя сейчас изнасилую. Ты бросил в моих друзей коктейль Молотова. Ты сжег моего друга!" Хаця насамрэч там ніхто не загінуў. Ім уводзілі ў галаву, што тыя, каго прывозяць, забівалі міліцыянтаў. Чорны гумар там дапамагаў выжываць. Помню, адзін бармен кажа: "Сгорел на работе". І так хочацца смяяцца. Думаем: "Калі пачуе канваір зараз, што з намі будзе".
 

Быў адзін асабліва жорсткі наглядчык, якi бегаў, калі кожную партыю прывозілі, каб пабіць гэтых людзей. Мы яго празвалі Андрэй (нашыя героі ўзгадваюць яго як Яўгена, — заўв. рэд.). І была яшчэ канваірша самая жорсткая, біла і мужчын, і жанчын. Сястра гэтага чувака, напэўна.


Калі на тваіх вачах катуюць людзей, ты думаеш толькі аб тым, як не апынуцца самому на іх месцы. Калі ты там, адчуваеш не злосць, а натуральна страх. Ты ж не ведаеш, што з тваёй сям’ёй, як дзеці, што жонка. Я разумею людзей, якія лёгка падпісвалі прызнанні. Таму я ў прынцыпе не магу асуджаць такіх людзей, як Пратасевіч, як Васкрасенскі і ўсіх астатніх, якія пакаяльныя відэа запісвалі. У нас такі жарт быў: "Как хорошо, что мы здесь, а не там". Там толькі думаў: як бы гэта любым шляхам адсюль выйсці, каб хутчэй абняць сваю сям’ю. Злосць пасля з’явілася, калі апынуўся дома.

Я ў прынцыпе не магу асуджаць такіх людзей, як Пратасевіч, як Васкрасенскі і ўсіх астатніх, якія пакаяльныя відэа запісвал

Трэція суткі калі прайшлі, пачалі суды над людзмі праводзіць. Усе з надзеяй чакалі, што зараз штраф дадуць або трое суток і адпусцяць. Палову камеры адвялі на суды — ва ўсіх 13–15 сутак. Менш не давалі, незалежна, прызнаў ты віну, не прызнаў ты віну. Мы чулі, што часам тыя, хто сустракаў за плотам, апладыравалі. І класны момант быў, калі дзяўчаты хадзілі ўздоўж плота і крычалі, які час. Там ты абсалютна не ўяўляеш: увогуле дзень — ноч. Таму што вакно закрыта, там маленькая шчылінка толькі, праз якую ты можаш здагадвацца.

Яшчэ такі яркі момант быў: маці сына свайго чакала і крычала яго імя. Хлопец сядзеў з намі. А адказаць ты не можаш. Калі ты крыкнеш, усю камеру выведуць і пасцеляць там. Гэта было менавіта для нас самае балючае, калі ты не можаш адказаць.


13 жніўня, калі запісалі нашыя дадзеныя і сказалі, што будуць выпускаць, нас спускалі на першы паверх і давалі падпісваць пратакол. А чытаць не давалі. Я баяўся падпісваць — "Ты что, хочешь назад? Ну пойдем". Я збоку на пратаколе папісаў, што азнаёмлены. Стаю і думаю: "А што ж там, калі мяне затрымалі?" Кажу: "А можна глянуць пратакол, мне здаецца, у адным месцы не падпісаў". Яны доўга глядзелі: "Первый раз видим задержанного, который бы так переживал, как составили протокол". Там я ўжо прачытаў, што мяне затрымалі ў 00:40 на Сурганава 11 чысла. Ну добра. Некаторыя людзі, што стаялі побач са мной на расцяжцы, пачалі пытацца, як рэчы забраць. Калі сказалі: "Какие вещи, потом заберешь", я зразумеў, што ніхто нас не адпусціць. Кажу: "Не, хлопцы, напэўна, зараз нас усіх на суд павязуць". Таго, што адбылося далей, я нават уявіць сабе ў страшным сне не мог.


А далей вывелі ва ўнутраны дворык. Проста куча людзей уздоўж плота стаіць. І чалавек па дзесяць нас клалі на зямлю і лупасілі. Білі электрашокерам, дубінкамі, нагамі. Пакуль нехта з гэтай дзясяткі не абрыгаецца або не абпісаецца, яшчэ чаго не здарыцца. Яны ржалі з гэтага. Мы зразумелі, адкуль быў гэты вой і стогны. Выклікалі розныя РУУС: "Эй, Октябрьский, хотите их побить?" Уздоўж плота хадзіў нейкі АМАПавец: "Ну что, кто тут еще за шаурмой ходил? О, я тебя помню, это ты за шаурмой ходил, да". Падыходзіў, біў.

Едзем уздоўж горада — бачна, што чалавек бяжыць. Без гузікаў, штаны з яго падаюць. А ён бяжыць. Бо баіцца

Калі нас ужо вялі на месца казні, я такі: "Слухайце, хлопцы, можа, вы мяне зусім моцна не біце, і так крывёй пісаюся". Яны паднялі майку, пабачылі сляды, і адзін АМАПавец кажа: "А этого я сам буду бить, а то еще сдохнет здесь". Ён паклаў мяне, па нагах чыста пастучаў дубінкай і пару разоў электрашокерам тыкнуў. Вот гэта было яшчэ лайт. Гэта было гуманна з іхняга пункту гледжання. Хлопцы ляжалі побач са мной — пена ішла ад болю, ад усяго гэтага. Вось гэта быў самы жах: ты ляжыш побач і не ведаешь, ён саб’е цябе ці не.

Ставілі зноў уздоўж плота на расцяжку. Хтосьці ўжо не мог стаяць — падыходзілі, білі, каб ён падымаўся. У кагосьці штаны мокрыя.


Ці размаўляў з сілавікамі? Мы баяліся пагрукацца ў кармушку нешта папрасіць, таму што адразу выводзілі і збівалі. Нелюдзі былі, пэўна, якія там людзі. Так са скацінай не абыходзяцца, як з намі абыходзіліся. Размаўляць не было аб чым. Адзіны быў такі момант, калі нас пабілі. Хадзіў АМАПавец: "Ну что, кто из вас голосовал за Тихановскую?" Усе маўчаць. "Вот видите, никто за нее не голосовал". Я пісклявым голасам: "Я". — "Что?" — "Я". Падыхозіць да мяне, стаіць за спіной: "Ну что ж, видно, надо тебя на второй круг, воспитательная беседа до тебя не дошла". "Не-не, — кажу, — не трэба, вашыя аргументы вельмі важкія". Па-беларуску з ім. Госпадзі, што ж я твару. Але мяне ўжо нясе. Думаю: як гэта мне не пайсці на другі круг, таму што разумею, там ужо не будзе таго АМАПаўца. Да гэтага мы на інтэрв’ю запрашалі Гайдукевіча, і я нешта згадаў пра яго. Я так зразумеў, што Фрунзенскі РУУС як раз нас біў (палітык Алег Гайдукевіч там пачынаў сваю кар’еру). "Ты знаешь Гайдукевича?" — і ён сышоў кудысьці. Госпадзі, як жа ж мяне пранесла?
 

Каля чатырох раніцы 14 жніўня пачалі выпускаць. І давалі некалькі секунд, каб ты збег. Або, казалі, зараз назад пойдзеш. "Смерть тебе тут, если ты еще раз к нам сюда попадешь". У скверы каля дрэва стаяў хлопец нейкі, і казаў, дзе валанцёры. Я пачуў і пабег туды. А большасць, вот уяўляеце, без шнуркоў, без грошай, без усяго, бегла куды вочы глядзяць. Прыехала жонка на машыне, едзем уздоўж горада — бачна, што чалавек бяжыць. Без гузікаў, штаны з яго падаюць. А ён бяжыць. Бо баіцца.

Па-беларуску з АМАПаўцам. Госпадзі, што ж я твару. Але мяне ўжо нясе

Мне нагу нармальна адбілі — балела вельмі доўгі час, і была паласа, каторую ўвогуле не адчуваў. Плюс ныркі адбілі, рэальна мача была с крывёю доўга.

Першыя дні было вельмі страшна: я за рэчамі не сам пайшоў, маці забрала. Ну, пасля я ўжо пайшоў, таму што не маглі знайсці тэлефон. Заходжу на Акрэсціна, рукі за спіной трымаю — "Ну что вы, вы же свободный человек". Зараз кажаце, што я свабодны чалавек?! Страшна было, канечне, на іх глядзець першы час.


Рэабілітацыя была складаная, да псіхолага хадзіў. Напэўна, месяца два мне снілася толькі гэтае Акрэсціна і як там б’юць. У мяне з двух бакоў языка шрамы — раскусваў язык і прачынаўся. Да гэтага часу, калі нейкі метал грыміць, адразу менавіта тыя успаміны — як адчыняюцца брамы і заязджаюць аўтазакі, і што зараз пачнуцца крыкі. Зараз ужо паспакайней. Усё ж такі сваю справу зрабіла праца з прафесіяналамі.
 

Яшчэ больш, напэўна, засталося смеласці нікуды не з’язджаць і дайсці да канца. Гэтыя падзеі надалі нейкай фатальнасці і рашучасці. Ну, загіну — значыць, загіну, што ж тут зробіш. Адінае — канечне, за сям’ю страшна. Абсалютна па-іншаму на жыццё глядзіш. Часам, калі студэнціка затрымліваюць ці жанчын, перажывеш: на гэтым месцы павінен быў быць я. Ты ўжо сябе ўспрымаеш як чалавека, каторы гэта прайшоў, а іх шкада.


Самы яркі момант, каторы даў надзею, — гэта валанцёрскі рух. Калі нас сустракалі з гарбатай, калі таксісты стаялі ў чарзе, каб завесці. Тады я паглядзеў на народ іначай. Само Акрэсціна — гэта проста жах, катаванне і ўсё. Там ты нейкіх высноў не робіш. Усведамленне было пасля, і тое гэта псіхатраўма, не больш. А тое, як народ аб’яднаўся, маршы — вось гэта ўразіла, дало такія сілы, такую бадзёрасць. Ведаю, што мы пераможам.
P.S. Позву на першае судовае паседжанне Сяргей атрымаў таго ж дня, праз гадзін сем пасля суда. Суд адбываўся тройчы, з тройчы перапісаным пратаколам. Усё з-за таго, што першапачаткова па пратаколу Сяргея затрымалі 11 жніўня, а па даведцы з Акрэсціна ён апынуўся там 10-га. Да канца чэрвеня судовае рашэнне (штраф) за справу гадавой даўніны не ўступіла ў сілу. Падаваць заяву ў Следчы камітэт журналіст першапачаткова не бачыў сэнсу.
У канцы мая Сяргей з сям’ёй быў вымушаны з’ехать з краіны. Раптам. Як і некаторыя яго калегі з БелСАТ. Гэта здарылася пасля перадачы пра былых сілавікоў, калі ў закладнікі ўзялі блізкіх вядоўцы Арыны Маліноўскай, каб прымусіць яе прыехаць у аддзяленне міліцыі. Сяргей спадзяецца, што гэта часовае рашэнне. Але на наступны дзень пасля ад’езду яго машыну ўскрылі.

Если вы пострадали во время мирных демонстраций и готовы рассказать свою историю, пишите нам на почту avgust2020belarus@gmail.com с пометкой "История". Мы с вами свяжемся. Спасибо

Сяргей Герасімовіч,журналіст
Возраст: 37 гадоў
Город: Мінск
Когда: 10.08.2020

затрымалі, калі на вуліцы яшчэ было спакойна, і адразу пачалі збіваць

Где держали: ЦІП на Акрэсціна — трое сутак
Заключение врача: --
Последствия: гематомы, праблемы з ныркамі, ПТСР